Культурное наследие

 

“ТРАДЫЦЫІ ВЫРАБУ І  ВЫКАРЫСТАННЯ ЎБОРУ ЛЕЛІКАЎСКАЙ СВАХІ”

У ВЁСКАХ ЛЕЛІКАВА, ПАВІЦЦЕ КОБРЫНСКАГА РАЁНА

 

     10.05.2018 года  згодна пастанове Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь № 38 ад “Аб наданні  статусу і катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці” элементу нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Традыцыі вырабу и выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі”  прысвоены статус нематэрыльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі “Б. 

       Элемент з’яўляецца выдатным мастацкім узорам, мае значнасць з пункту гледжання гісторыі, этналогіі і культуры адпаведна п. 1.2. і 1.6. артыкула 92 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры.

 

     Назва вёскі Лелікава  паходзіць ад украінскага слова “лэлэка” (бусел), аб чым сведчыць  адпаведная легенда. Увогуле міфалагічная прастора рэгіёна насычана легендамі: пра паходжанне мясцовага дыялекту, назваў мясцовых урочышчаў, пра вясельную сваху з платам і інш. Усё гэта з’яўляецца прыкладам існавання аўтэнтычнага міфалагічнага ландшафта, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі і культуры беларускага народа.


    Фарміраванне культурнага ландшафту вёскі Лелікава пачалося з 16 стагоддзя.У ім спалучаюцца як матэрыяльныя нерухомыя гісторыка-культурныя каштоўнасці, напрыклад, помнік архітэктуры 18 стагоддзя Дзмітрыеўская царква; так і нематэрыяльныя: мясцовы дыялект(тараканская гаворка),  святы і абрады,  традыцыі вырабу адзення і г.д.

     Народнае адзенне Кобрыншчыны  ўсебакова вывучалася ўжо ў 19 стагоддзі, аб чым сведчаць фотаздымкі з літаратурных крыніц. Пытанні ўбрання лелікаўскай свахі Кобрынскага раёна неаднаразова вывучаліся даследчыкамі і ў 20 стагоддзі: М. Раманюком (1981 г.), М. Віннікавай (1999 г.), Н. Жабінскай (2002 г.), В. Багачовай (2009 г.). Праведзеныя этнаграфічныя экспедыцыі навукоўцаў і  работнікаў культуры (2002 - 2019 гг.)паказваюць зацікаўленасць мясцовай супольнасці ў захаванні і папулярызацыі гэтага элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны, перадачы яго моладзі.

 На Кобрыншчыне, у тым ліку і ў вёсках Лелікава, Павіцце, захаваўся найбольш архаічны пласт народнага адзення. За доўгі час тут сфарміраваліся пэўныя традыцыі вырабу і выкарыстання  ўбору лелікаўскай  свахі. Захавальнікамі традыцыі з’яўляюцца сяляне – жыхары вёсак Лелікава і Павіцце.

    Традыцыя вылучаць адмысловым уборам сваху мае працяг на тэрыторыі Драгічынскага раёна(в. Радастава), а таксама ў памежных Ратнеўскім і Любешыўскім раёнах  Валынскай вобласці Украіны. 

Убор выкарыстоўваўся часцей усяго падчас вяселля, але  з цягам часу назіраюцца шматлікія прыклады  яго выкарыстання  ў іншым кантэксце.

 

    На лелікаўскім вяселлі сваха выконвала вельмі важную ролю.   У мясцовым разуменні  слова “сваха” ўжываецца як “баявая сяброўка” жаніха ў вясельным абрадзе.Звычайна на лелікаўскім вяселлі была старэйшая сваха і “свашкі” – маладыя жанчыны і нават дзяўчынкі-падлеткі з роду жаніха.   Старэйшай свахай  выбіралі родную сястру ці родную цётку жаніха. Старэйшая сваха выконвала галоўную ролю, яна сачыла за паслядоўнасцю вясельных абрадаў, удакладняла іх пачатак і завяршэнне, удзельнічала ў галоўных момантах вяселля. Свашкі па чарзе спявалі прыпеўкі і танцавалі. Свах на вяселлі павінна было быць не менш як пяць-сем. А ўжо самыя багатыя жаніхі запрашалі на свае вяселлі  не менш як 15 свах.

    З матэрыялаў навуковых даследаванняў вядома, што ў пачатку 20 стагоддзя ўбор свахі з в. Лелікава адпавядаў строям замужніх жанчын Кобрыншчыны: ільняная сарочка, спадніца (ільняны “палатнянык” або шарсцяны андарак), фартух, тканы  пояс  з падоўжна-паласатым арнаментам. Адзенне звычайна шылася ўручную з натуральных матэрыялаў. Адметнасць убрання свахі -  незвычайны галаўны ўбор, які складаецца з плата і стракатай кароны з паліхромных стужак і рознакаляровага пер’я з хваста  і  шыі пеўня.


    У 30–40-я гады 20 ст. ва ўбранні лелікаўскай свахі адбыліся змяненні. Паступова знікаюць тканыя и вышытыя элементы. Традыцыйныя ткацкія прыёмы і тэхнікі вышыўкі ва ўпрыгожванні фартуха, кашулі, спадніцы заменены аплікацыяй каляровым сацінам, атласнымі стужкамі і вышыўкай машынным радком. Значна зменшылася прапорцыя белага колеру, узмацнілася роля паласы ў мастацкім аздабленні. Прапарцыянальна павялічылася колькасць чырвонага колеру і яго адценняў, самастойнае гучанне набылі чорны і сіні колеры. З’явіліся адметныя арнаментальныя элементы (“вочы”).  

  У выніку, убранне свахі ўжо адрозніваецца  ад звычайнага  святочнага кобрынскага строю іншым мастацка-пластычным і каларыстычным вырашэннем, вылучаецца сваёй павышанай дэкаратыўнасцю.Цікавасць  вызывае спалучэнне колераў у касцюме лелікаўскай свахі (чырвоны на белым, чорны, сіні) і іх  расшыфроўка. Чырвоны колер – колер  крыві, жыцця, сонца, дабра. Чорны(сіні) колер – колер смерці, зямлі. Белы колер – чысціня, дабрыня, цнатлівасць, сяброўства.

 

    У сучасны перыяд ўсе часткі строю шыюцца з  фабрычных баваўняных тканін – паркалю, саціну і багата ўпрыгожваюцца аплікацыяй з рознакаляровых стужак і тканін. Пры пашыве  часткі ўбрання і фрагменты аплікацыі спачатку   нажыўляюцца ўручную, а потым усё адзенне шыецца на швейнай машынцы.

    На рукавах, манішцы сарочкі, на фартуху нашываюцца “вочы” – ланцужкі з закругленых ромбаў чырвонага колеру. Ромб у народнай сімволіцы – сімвал зямлі, плоднасці.У сярэдзіне ромбаў выразаюцца кружкі і на іх белым фоне чорнымі ніткамі вышываюцца васьмівугольныя зоркі. Васьмівугольная зорка – вобраз чалавека, сімвалізуе  і мужчынскі пачатак.Як тлумачаць носьбіты традыцыйнай культуры, касцюм свахі шыюць з “вачыма”, бо яна кіруе вяселлем і ўсё павінна бачыць.

  Спадніца бліжэй да пояса абшываецца шырокімі каляровымі стужкамі, унізу – больш вузкімі. Спадніца і фартух складваюцца па шырокім падоўжным складкам, апрацоўваюцца прасам, а потым звязваюцца ў некалькіх месцах і ў такім выглядзе захоўваюцца. Абуваецца сваха ў паўчабаткі (“чаравікі”) на абцасах, абавязкова з падкоўкамі, каб сваха голасна прытопвала і прыстуквала ў час танцаў і скокаў.

     Адной з адметнасцей касцюма  свахі  па-ранейшаму застаецца  галаўны ўбор. Старажытны спосаб камплектавання галаўнога ўбору свахі ў в. Лелікава не захаваўся. Найбольш традыцыйным і правільным  лічыцца спосаб камплектацыі галаўнога ўбору з в. Павіцце, які знаходзіцца ў Музеі старажытнабеларускай культуры (г. Мінск). Ніжняй яго часткай з’яўляецца лубяная” каробачка”, якая надзявалася на прычоску. Зверху завіваўся плат. Паверх плата (па форме “каробачкі”) павязваліся “брыжы” – асобны кампанент убора са сшытых паміж сабой палос рознакаляровай тканіны і стужак, упрыгожаны пацеркамі і бісерам. “Брыжы” завязваліся ззаду прышытымі да іх вузкімі тасёмкамі. Па вуглах “брыжоў” з унутранага боку прышыты пучкі рознакаляровых пер’яў, якія называюцца “пава” ці “рожкі”. Плат не прышываўся ні да “каробачкі” ні да “брыжоў”, у завітым выглядзе ён замацоўваў на галаве “каробачку”.

    Сучасны варыянт вырабу і камплектавання галаўнога ўбору свахі прадэманстравала Анастасія Ігнацьеўна Шапяцюк з в. Лелікава  ў час фальклорнай экспедыцыі, арганізаванай работнікамі ДзУК “Кобрынская раённая клубная сістэма” у  красавіку 2017 года. У гэтым варыянце плат  абвіваецца вакол каробачкі і замацоўваецца  з дапамогай нітак і іголкі.

 

    Да сярэдзіны 20 стагоддзя ўбор свахі існаваў у жывым выглядзе,  вырабляўся спецыяльна да вяселля. Потым зберагаўся амаль ў кожнай сям’і, асабліва там, дзе былі маладыя дзяўчаты.

На працягу часу ў традыцыі  адбываліся аб'ектыўныя змены, быў перыяд росквіту, а затым – паступовага згасання, зараз элемент НКС “Традыцыі вырабу и выкарыстання ўбору лелікаўскай свахі”  часткова адноўлены ў яго аўтэнтычным асяроддзі на падставе сабраных звестак ад носьбітаў традыцыі, музейных артэфактаў і літаратурных крыніц і існуе ў сучаснай форме.